Першая малодшая група
Заінька
Мэта: развіваць увагу, спрыт, каардынацыю рухаў, хуткасць рэакцыі.
Апісанне гульні: дзеці бяруцца за рукі і ўтвараюць круг. У сярэдзіне — заінька. Усе спяваюць:
Заінька бялюсенькі,
Заінька шарусенькі!
Праскачы у дзірачку
Ды не пабі спіначку!
На гэтыя словы зайчык імкнецца выскачыць з круга, але дзеці не пускаюць і хутка прысядаюць, як толькі ён набліжаецца да каго-небудзь з іх.
Пасля гэтага дзеці спяваюць далей:
Заінька, павярніся,
Шэранькі, павярніся!
Тупні ножкай, паскачы
Ды ў далоні запляшчы!
Пры заканчэнні песні ўсе павінны запляскаць у далоні. Гэтым момантам карыстаецца зайка: ён хапае каго-небудзь з дзяцей і хутка становіцца на яго месца. Той, хто застаўся без месца, павінен выконваць ролю заінькі.
Правілы гульні: пры пабліжэнні заінькі ігракі павінны хутка ўзяцца за рукі, калі яны не паспеюць зрабіць гэтага, той, да каго дакрануўся зайчык, займае яго месца.
Лясь, лясь, уцякай!
Мэта: удасканальваць навыкі бегу, мяняючы тэмп і напрамак. Развіваць спрыт, хуткасць.
Апісанне гульні: дзеці ходзяць па пляцоўцы, збіраюць кветкі, плятуць вянкі. Некалькі дзяцей выконваюць ролю конікаў, яны стаяць у баку на некаторай адлегласці ад дзяцей. На словы:
Лясь, лясь, уцякай!
Цябе коні стопчуць.
А я коней не баюся
Па дарозе пракачуся.
дзеці ўцякаюць, конікі скачуць на палачцы і імкнуцца дагнаць іх.
Пры паўторы гульні дзеці і конікі мяняюцца ролямі.
Правілы гульні: уцякаць патрэбна толькі пасля слова «пакачуся», ігрок, якога дагоніць конік, часова выбывае з гульні.
Другая малодшая група
Грушка
Мэта: ўдасканальваць навыкі бегу з выкрутамі, уменне хутка арыентавацца ў наваколле.
Апісанне гульні: дзеці ўтвараюць круг, у сярэдзіне якога знаходзіцца дзяўчынка ці хлопчык. Гэта і ёсць «грушка». Дзеці ідуць у карагодзе вакол грушкі і спяваюць:
Мы пасадзім грушку усе, усе,
Няхай наша грушка расце, расце.
Вырасці ты, грушка, вось такой вышыні,
Распусціся, грушка, вось такой шырыні!
Расці, расці, грушка, ды у добры час.
Маленькая (iмя) паскачы для нас.
А ўжо наша грушка распусцілася,
А наша (iмя) зажурылася.
А мы тую грушку весяліць будзем.
І ад нашай грушкі уцякаць будзем.
Правiлы гульнi: на апошнія два словы дзеці разбягаюцца, а “грушка” ловіць.Дзеці павінны выконваць танцавальныя рухі па зместу песні.
Вожык і мышы
Мэта: развіваць слухавую увагу, пачуццё мовы, уменне карыстацца рознай сілай голасу, цікавасць да беларускай спадчыны.
Апiсанне гульнi: па лічылцы выбіраюцца “вожык” і “мышы” (2-3).Астатнія дзеці становяцца ў кола і ідуць управа, а “вожык” ідзе ўлева. “Мышы” знаходзяцца па-за колам. Дзеці прыгаворваюць:
Бяжыць вожык – тупу-туп!
Сам калючы, востры зуб!
Вожык, вожык, ты куды?
Ад якой бяжыш бяды?
Спыняюцца.Прагаворваюць цішэй:
- Вожык ножкамі туп-туп!
Вожык вочкамі луп-луп!
Навакол пануе ціш,
Вожык чуе ў лісці мыш.
“Вожык” ходзіць у коле, прыслухоўваецца. Дзеці гучна кажуць:
Бяжы, бяжы, вожык!
Не шкадуй ты ножак!
Ты лаві сабе мышэй,
Не чапай другіх дзяцей!
Правiлы гульнi: вымавіўшы апошнія словы, дзеці падымаюць у двух месцах рукі, утвараючы “вароты”. Вожык выбягае праз іх, пры гэтым стараецца злавіць каго-небудзь з “мышэй”.Тыя бегаюць дзе хочуць, пралазяць пад рукамі дзяцей. “Вожык” можа трапіць у кола толькі праз “вароты”.
Сярэдняя група
Браднік
Мэта: развіваць уменне хутка арыентавацца ў навакольных абставінах, удасканальваць навыкі легкага бегу. Выхоўваць смеласць, вытрымку.
Апісанне гульні: па лічылцы выбіраюць рыбака і завязваюць яму вочы хусцінкай. Усе астатнія дзеці - рыбкі. Пляскаючы ў ладкі, дзеці-рыбкі перамяшчаюцца (ходзяць, бегаюць вакол рыбака). Рыбак стараецца каго-небудзь злавіць. Калі на шляху рыбака сустракаецца якая-небудзь перашкода (сцяна, лаўка, крэсла і інш.), дзеці гавораць рыбаку: «Глыбока!» Калі рыбак адыдзе ад перашкоды, дзеці гавораць: «Мелка!» Калі рыбак зловіць каго-небудзь, ён павінен адгадаць па голасу, каго злавіў. На пытанне рыбака: «Хто ты?» злоўлены адказвае: «Я - акунь». Калі не адгадаў, дзеці яму крычаць: «Жабу злавіў!» Рыбак адпускае злоўленага і зноў пачынае лавіць.
Правілы гульні: ігракі павінны ўвесь час перамяшчацца па пляцоўцы і абыходзіць рыбака. Калі рыбак па голасу не адгадаў, каго з дзяцей-рыбак ён злавіў, сам становіцца рыбай, а непазнаны ігрок — рыбаком.
Хворы верабей
Мэта: фарміраваць навыкі спрытнага бегу, уменне дзейнічаць па сігналу, выхоўваць адмоўныя адносіны да несумленных учынкаў.
Апісанне гульні: дзеці бяруць сабе назвы птушак — верабей, сава, сініца, кулік і г. д. Дзіця, якое імітуе вераб'я, кладзецца і робіць выгляд, што хворае. Каля вераб'я ўвіхаецца сава. Да савы падыходзіць сініца і пытаецца:
- Ці дома верабей?
- Дома.
- Што ён робіць?
- Хворы ляжыць.
- Што яму баліць?
- Плечыкі.
- Схадзі, сава, у агарод, сарві траўкі-грэчкі, папар яму плечкі.
- Парыла, сінічка, парыла сястрычка. Яго пара не бярэ, толькі гарачкі прыдае.
Сінічка адыходзіць, а да савы падыходзяць усе птушкі і пытаюцца:
- Ці дома верабей?
- Дома.
- Што ён робіць?
- Па двары шнарыць, крошкі збірае, дадому не ідзе, каноплі крадзе.
Пачуўшы гэтыя словы, верабей уцякае, а дзеці гоняцца за ім, стараючыся злавіць вераб'я.
Правілы гульні: дзіця-верабей можа схавацца толькі ў доме савы.
Сляпы музыкант
Мэта: развіваць увагу на слых, памяць, мысленне, фантазію.
Апісанне гульні: усе дзеці становяцца ў круг. Аднаму з іх завязваюць вочы і даюць у рукі палачку. Гэта – сляпы музыкант. Ён дакранаецца палачкай да каго-небудзь з дзяцей. Дзіця, да якога музыкант дакрануўся палачкай, падае голас: пішчыць, гудзе, імкнецца змяніць голас каб сляпы музыкант не здагадаўся, хто гэта. Калі музыкант адгадае, хто падаў голас, той ідзе на сярэдзіну круга, і гульня працягваецца з новым музыкантам.
Правілы гульні: калі дзіця-музыкант тры разы не пазнае, хто падаваў голас, ён выбывае з гульні.
Старэйшая група
Гусі - лебедзі
Мэта: развіваць у дзяцей дыялагічную мову, уменне дзейнічаць па слоўным сігнале, спалучаць словы з дзеяннямі.
Апiсанне гульні: выхавальнік прапануе пагуляць у гульню.
Вы, дзеці, будзеце гусямі, а я - вашай гаспадыняй. Вы пасвіцеся вось тут на траўцы (паказвае месца), а ў тым вугле будзе логава ваўка.
З дапамогай лічылкі дзеці выбіраюць “ваўка”. “Гусі” знаходзяцца ў адным канцы пакоя (пляцоўкі), “гаспадыня” – у другім, “воўк” – убаку. Далей паміж “гаспадыняй” і “гусямі” адбываецца наступны дыялог:
Гусі,гусі... – Га-га-га!
Есці хочаце? – Ага!
Дык ляціце... – Го-го-го...
Воўк зубаты за гарой.
Гусі,гусі! – Го-го-го.
Вы не бойцеся яго!
Першай гуска паляцела,
Потым - гусяняты.
І гусак падняўся смела,
Следам – воўк зубаты.
“Гусі” бягуць да “гаспадыні”. “Воўк” стараецца іх злавіць. Злавіўшы аднаго, ён вядзе яго у сваё логава. Калі “воўк” нікога не зловіць, “гаспадыня” гаворыць:
Скочыў шэры на дарогу,
Толькі не злавіў нікога! (Гульня паўтараецца.)
Гарлачык
Мэта: практыкаваць у бегу, ва ўменні дзейнічаць па сігналу, хутка арыентавацца ў навакольным. Развіваць увагу.
Апісанне гульні: дзеці сядзяць у крузе на кукішках. Гэта «гарлачыкі». Па кругу ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца:
Колькі каштуе «гарлачык»?
Дзіця адказвае:
За «гарлачык» гэты
Дай нам зусім крышку:
Кааб ніколі не хварэць –
Маннай кашы лыжку.
Пасля гэтых слоў дзіця-гарлачык паднімаецца на ногі і бяжыць па кругу ў адным напрамку, а пакупнік – насустрач яму. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца пакупніком.
Правілы гульні: дзеці павінны бегчы па кругу ў розных напрамках пасля слоў «...маннай кашы лыжку»; кожны з іх імкнецца заняць свабоднае месца.
Золата
Мэта: развіваць хуткасць рэакцыі, спрыт, вытрымку, назіральнасць.
Апісанне гульні: дзеці садзяцца ў рад. Адно дзіця – водзячы. Ён дзеліць золата, непрыкметна хаваючы яго ў руках каго-небудзь з дзяцей. Потым водзячы адыходзіць на 3-4 крокі і крычыць: «Золата, да мяне!».
Той, у каго схавана золата, павінен усхапіцца і бегчы да водзячага. Алс ўсе ўважліва сочаць адзін за адным і імкнуцца затрымаць іграка з золатам. Калі іграку не ўдаецца выскачыць з рада, гульня пачынаецца спачатку, кожны застаецца на сваім месцы. Калі ж іграку з золатам удаецца вырвацца, ён становіцца вядучым, а вядучы займае яго месца. Гульня працягваецца.
Правілы гульні: дзеці не павінны падаваць выгляду, што золата ў іх няма.
Вартаўнік
Мэта: развіваць хуткасць рэакцыі, уменне арыентавацца ў навакольных абставінах, смеласць, спрыт.
Апісанне гульні: выбраны па лічылцы вартаўнік падыходзіць да аднаго з дзяцей, якія стаяць свабодна па ўсёй пляцоўцы. Дзіця адразу ж прысядае на кукішкі, а вартаўнік кладзе яму руку на галаву — ахоўвае яго. Другой рукой ён імкнецца запляміць дзяцей, якія бегаюць па пляцоўцы і стараюцца дакрануцца да таго, хто сядзіць па кукішках.
Правілы гульні: вартаўнік павінен пляміць дзяцей не адымаючы адной рукі з галавы дзіцяці, што сядзіць. Новым вартаўніком становіцца той, хто запляміць дзіця, якое сядзіць.
Міхасік
Мэта: садзейнічаць развіццю хуткасці, спрытнасці.
Інвентар: абручы або кольцы дыяметрам да 50 см.
Месца правядзення: зала, пляцоўка.
Апісанне гульні: для правядзення гульні патрэбна мець некалькі кольцаў дыяметрам да 50 см., але іх павінна быць на адно менш, чым гульцоў.
Кольцы (або абручы) раскладваюцца па крузе, вакол іх становяцца гульцы. Адзін з гуляючых гаворыць такія словы:
Ты, Міхаська, не зявай, не зявай!
Лапаточкі абувай, абувай!
Правілы гульні: гучыць беларуская народная мелодыя, гульцы танцуючы рухаюцца па крузе. Як толькі музыка заканчваецца, усе спыняюцца і стараюцца як мага хутчэй “абуць лапці” – заняць свабоднае месца у адным з кольцаў. Гулец, які застаўся без “лапцяў”, выбывае з гульні.
Пасля гэтага забіраецца яшчэ адзін абруч, і гульня працягваецца да той пары, пакуль у крузе не застанецца адзін гулец. Ён лічыцца пераможцам.
Лянок
Мэта: практыкаваць ва ўменні ўзгадняць рухі са словамі песні. Выхоўваць пачуццё калектывізму, цікавасць да народнага фальклору.
Апісанне гульні: з ліку тых, хто прымае ўдзел у гульні, выбіраецца «бабуля». Астатнія становяцца у круг. Яны пытаюцца:
— Што ты, бабуля, нам прасці дасі?
Бабуля выходзіць у цэнтр круга і адказвае:
— Старым бабулькам воўны пасмачку,
А прыгожым маладзічкам белы лянок!
Пасля гэтага дзеці разам з бабуляй пачынаюць спяваць, паказваючы рухамі дзеянні, пра якія гаворыцца у песні:
А мы сеялі, сеялі лянок,
Белы, слаўны кужалёк!
Урадзіся наш лянок!
Урадзіся кужалёк.
Мы лянок ірвалі, жалі,
У снапочкі збіралі.
Урадзіуся лянок
Белы, слаўны кужалёк.
Правілы гульні: дзеці павінны дакладна выконваць дзеянні, якія паказвае «бабуля».